Награждение Андрея Бакуновича
- Подробности
-
Опубликовано: 10 августа 2020
Фота аўтара, Юлія БУКЕЛЬ
Нядаўна заточнік дрэваапрацоўчага інструменту ВМУ «Беразіно» Бярэзінскага лясгаса Андрэй Бакуновіч адзначыў пяцідзесяцігадовы юбілей. У гэты ж дзень за плённую, добрасумленную працу Андрэю Андрэевічу ўручылі Ганаровую грамату Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. — Ведаеце, у мяне сёння атрымалася двайное свята! Шчыра прызнаюся, нават не чакаў такой ганаровай узнагароды, — з усмешкай заўважыў Андрэй Андрэевіч. — Я звычайны сціплы працаўнік, проста імкнуся выконваць сваю справу на выдатна. Уручыў узнагароду майстру i павіншаваў са святам намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бярэзінскага лясгаса Віталій Умінскі: — Дзякуй вам за шматгадовую, самаадданую працу. Жадаем вам далейшых поспехаў у нашай нялёгкай справе, моцнага здароўя і дабрабыту! Да віншаванняў далучылiся і работнiкi лясгаса. Бачна, што ў калектыве Андрэя Андрэевіча паважаюць як адказнага, працавітага, руплівага работніка. Ён для калег надзейны дарадца, настаўнік. А іначай і быць не можа — Андрэй Бакуновіч 26 гадоў шчыруе ў лясной гаспадарцы
.
— Як ні дзіўна, але па першай адукацыі я ветурач — у свой час скончыў тэхнiкум у Смiлавiчах. Але лёс-чараўнік прывёў мяне ў лясную гаспадарку. І я ні разу не пашкадаваў аб гэтым. Працоўную дзейнасць Андрэй Андрэевіч у лясгасе пачынаў яшчэ ў 1994 годзе. Некаторы час працаваў навальшчыкам-звальшчыкам. Пасля быў станочнікам дрэваапрацоўчага станка. І вось ужо больш за 10 гадоў — заточнік дрэваапрацоўчага інструменту. — Чым я займаюся? Назва гаворыць сама за сябе — тачу пілы, нажы на станкі, ланцугі для шматаперацыйнай тэхнікі — харвестараў. У мае абавязкі ўваходзіць рабіць усё вострым, каб цудоўна працавала. Неабходна ўсё выконваць дакладна, з захаваннем нормаў. Адным словам, праца даволі складаная, патрабуе ўседлівасці. Ведаеце, калі параўноўваць работу зараз і калі толькі я пачынаў: сёння працаваць значна лягчэй. У нас новае абсталяванне, вось нядаўна толькі атрымалі сучасны станок! Таму і працаваць адно задавальненне, заўсёды іду на працу ў добрым настроі. Дарэчы, Андрэй Андрэевіч нядаўна адзначыў яшчэ адну дату: 24 ліпеня споўнiлася 28 гадоў, як яны з жонкай Наталляй Аляксандраўнай разам! — Я шчаслівы чалавек — у мяне ёсць любімая і любячая жонка, а таксама работа, якая прыносіць мне задавальненне! — заўважыў Андрэй Андрэевіч.